Iван Пятровіч Шамякін — народны пісьменнік Беларусі, сцэнарыст і драматург, грамадскі дзеяч. Адзін з класікаў айчыннай літаратуры, творы якога перакладаліся больш чым на 30 моў свету. Усе самыя важныя падзеі, што адбываліся ў савецкай краіне на працягу амаль шасці дзесяцігоддзяў, знайшлі адлюстраванне ў яго аповесцях і раманах.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Дэбютаваў у час Вялікай Айчыннай вайны нарысамі і вершамі ў армейскай газеце «Часовой Севера». У 1944 годзе напісаў апавяданне на беларускай мове «У снежнай пустыні». Першым буйным творам Шамякіна была аповесць «Помста», апублікаваная ў 1946 годзе ў беларускім часопісе «Полымя».
Галоўнай справай жыцця Івана Шамякіна заўсёды была творчая праца. Надзвычай плённай яна аказалася ў другой палове 1950-х — 1970-я гады, калі былі напісаны раман «Крыніцы» (1956) і пенталогія «Трывожнае шчасце». Дзве тэмы — вайна і сучаснасць — былі цэнтральнымі ў творчасці Івана Пятровіча, часта яны спалучаліся ў адным творы. Так адбываецца ў раманах «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Вазьму твой боль» (1979).
У апошні перыяд творчасці Шамякін шмат пісаў. Гэта раманы «Зеніт» (1987), «Злая зорка» (1991), «Вялікая княгіня» (1996), 19 аповесцей, апавяданні, дзённікавыя запісы... Яны склалі кнігі «Сатанінскі тур» (1995), «Палеская мадонна» (1998) «Промні маленства» (2002).
За актыўную творчую і грамадскую дзейнасць Іван Шамякін быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, Дзяржаўнай і Літаратурнай прэміямі імя Якуба Коласа. Прызнаннем яго заслуг стала абранне акадэмікам Акадэміі навук Беларусі ў 1994 годзе.
Цікавыя факты пра Івана Шамякіна:
- У дзяцінстве Іван Шамякін лоўка навучыўся насіць на галаве стос кніг. Гэта вельмі не падабалася яго бацьку, той часта дакараў, што сын расце шутам гарохавым.
- Іван Шамякін ніколі не з’яўляўся на публіцы без гальштука. Гэта было абавязковым правілам. У яго асабістай калекцыі было больш за 100 гальштукаў.
- Іван Шамякін дапамог Васілю Быкаву выдаць кнігу «Сотнікаў» і пераехаць з Гродна ў Мінск.
- Іван Шамякін быў добрым сем’янінам і чалавекам-адналюбам. Са сваёй будучай жонкай, Марыяй, ён пазнаёміўся яшчэ ў 5 класе. Калі будучаму пісьменіку споўнілася 19 гадоў, ён ажаніўся з каханай. Менавіта Марылі прысвечана яго першая аповесць «Непаўторная вясна» і апошні твор Слаўся, Марыя», які быў напісаны ўжо пасля смерці жонкі. Разам, у шчаслівым шлюбе, Шамякіны пражылі 58 гадоў.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










