У сакавіку 2026 года Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа быў узнагароджаны прызам імя Аляксея Дударава. Гэта адна з вышэйшых узнагарод Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Сімвалічна, што такое высокае прызнанне тэатр атрымаў у год свайго 100-гадовага юбілею.

Аляксей Дудараў у Коласаўскім тэатры
пасля спектакля «Не пакідай мяне...», 2015 год.
пасля спектакля «Не пакідай мяне...», 2015 год.
Аляксей Ануфрыевіч Дудараў — адна з найбольш знакавых фігур сучаснага беларускага тэатральнага мастацтва і літаратуры. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Ленінскага камсамола, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
З 1976 па 1983 гады ён працаваў акцёрам і загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, пазней — у аб’яднанні «Тэлефільм», у 1991 — 2002 гадах быў галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 гады працаваў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі. Займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю.
З 1992-га да 2023 года, да канца жыцця, узначальваў Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.
Аляксей Дудараў стварыў вялікую драматургічную спадчыну, і тэатр імя Якуба Коласа шматразова звяртаўся да яго творчасці і ставіў спектаклі, многія з якіх сталі знакавымі ў гісторыі коласаўцаў. Усяго пастаўлена адзінаццаць п’ес, тры з якіх — «Выбар», «Не пакідай мяне…» і «Пёс Белага вострава» — знаходзяцца ў актыўным рэпертуары тэатра.
Тэатр імя Якуба Коласа ў сваіх пастаноўках ахапіў усю тэматычную разнастайнасць творчасці Аляксея Дударава. Драма «Парог» (1982) адлюстравала духоўны крызіс грамадства і асобы, цяжкі шлях душэўнага ўваскрэсення чалавека, які дайшоў да апошняй мяжы, у тым ліку праз спакусу алкаголем.
У драме «Вечар» (1984) раскрывалася тэма бесперспектыўных вёсак праз жывыя чалавечыя характары. Пацвярджэннем высокага мастацкага ўзроўню стала ўзнагарода спектакля Дзяржаўнай прэміяй БССР (1986). У 1987 годзе народны артыст Тадэвуш Кокштыс, выканаўца ролі Гастрыта, узнагароджаны дыпломам за лепшае выкананне мужчынскай ролі на Міжнародным тэатральным фестывалі «Прыбалтыйская тэатральная вясна».

Сцэна са спектакля «Радавыя».
Ваенныя спектаклі па п’есах Дударава «Радавыя» (1985) і «Не пакідай мяне…» (2015) паказвалі адначасова гераізм, несумяшчальнасць чалавека-стваральніка і вайны, якая можа разбурыць унутраны свет або даць магчымасць раскрыць таямніцы сваіх рашэнняў у экстрэмальных умовах. Спектакль «Не пакідай мяне…» узнагароджаны спецыяльным прызам арганізацыйнага камітэта «За папулярызацыю Вялікай Перамогі на нацыянальнай мове» на II Адкрытым міжнародным анлайн-марафоне «Дороги Победы» (2021).
Спектакль «Вежа» (1990) з’явіўся сапраўдным люстэркам у час перамен. У пошуку славы, поспеху, улады людзі губляюць разуменне ўнутранага духоўнага багацця. І толькі галоўны герой Ютка Казубоўскі будуе з каменю вежу як дакор усяму свету за ганебнасць побытавых памкненняў, як спробу дацягнуцца да вышэйшых каштоўнасцей. Гэту ролю народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс і па сёння лічыць адной з лепшых у сваёй творчай біяграфіі.
Блізкай па тэматыцы да «Вежы» стала і пастаноўка «І быў дзень…» (1998). Сучасная трагедыя, дзеянне якой адбываецца на гарадскім сметніку, даследавала дэградацыю тагачаснага грамадства, прычыны глыбокага духоўнага заняпаду.
З гістарычнай тэматыкі Дударава коласаўцы паставілі спектакль па п’есе «Чорная панна Нясвіжа». Увага ў пастаноўцы была засяроджаная на ўнутраным канфлікце герояў, уведзеныя персанажы Барбары ў дзяцінстве і Пачвары ўвасобілі светлы і змрочны бакі душы чалавека.
Пастаноўка «Люці» была добра вядома не толькі віцебскаму гледачу: з гастролямі аб’ехала шмат гарадоў вобласці. Актуальнасць гісторыі была ў паказе лёсу так званых новых беларусаў, якія выходзілі ў свет бізнесу з крымінальнага асяродку або мелі з ім стасункі. Вызначальна тое, што Аляксей Дудараў напісаў гэты твор спецыяльна для заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяны Ліхачовай.
У спектаклі «Млын» (2008) найбольш высока была ацэнена галоўная роля Пятра Старцава ў выкананні Валянціна Салаўёва, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь. Моцная асоба была здольная спасцігнуць сакрэт душэўнай гармоніі: трэба радавацца жыццю, успрымаць усё, што адбываецца, з адкрытай удзячнасцю. Дарэчы, сёлета Валянцін Салаўёў, які з 1986 па 2012 год служыў у Коласаўскім тэатры, узнагароджаны галоўным прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў — «Крыштальнай Паўлінкай».
Аляксей Дудараў не мог не закрануць і тэматыку сцэнічнага мастацтва. У пастаноўцы «Пёс Белага вострава» супярэчліва, часам вельмі саркастычна ён выяўляе закуліснае жыццё. У творчай маскараднай віхуры акцёр з вялікім патэнцыялам губляе сябе і проста плыве па хвалях лёсу, і толькі ягоны Пёс, быццам анёл-ахоўнік, праз каментары і філасофскія песні імкнецца накіраваць гаспадара да светлай будучыні.
Апошнім зваротам да творчасці Дударава з’яўляецца драма «Выбар» (2023). Тры маладыя танкісты падчас вучэнняў раптам былі пастаўлены перад жорсткім выбарам: памерці самім дзеля таго, каб засталося ў жывых адно дзіця, або выжыць дзеля іншых? Якія каштоўнасці больш важныя — свае асабістыя або агульначалавечыя?
Безумоўна, драматургія Аляксея Дударава і яе ўвасабленне з’яўляецца вялікай каштоўнасцю для Коласаўскага тэатра. Яна дазволіла больш глыбока ўсвядоміць сучасныя тэмы: негатыўныя — меркантыльнасць, духоўны заняпад, сацыяльны эгаізм, разбэшчанасць, і пазітыўныя — ахвярнасць, вернасць свайму выбару, гераізм дзеля іншых, тонкая душэўная эстэтыка. Пастаноўкі сталі школай для многіх маладых артыстаў тэатра, дазволілі вядучым майстрам сцэны пашырыць свой творчы дыяпазон, выйсці за межы створаных шаблонаў, дасягнуць высокага ўзроўню акцёрскага майстэрства. Спектаклі па п’есах Аляксея Дударава назаўсёды застануцца ў скарбніцы тэатральнага мастацтва коласаўцаў.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










