У Віцебску адкрылася выстава, прымеркаваная да 140-годдзя класіка сусветнай і беларускай літаратуры Якуба Коласа

logo
Понедельник, 31.10.2022 12:34 | Рубрика: Культура
02304
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прадстаўляе ў Віцебску выставачны праект «Незабыўны вобраз песняра», прымеркаваны да 140-годдзя класіка сусветнай і беларускай літаратуры.


У аснове экспазіцыі, якая размешчана ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання, – 22 прыжыццёвых графічных партрэта Якуба Коласа са збору мінскага музея. Яны выкананы мастаком Сямёнам Герусам у першай палове 1950-х гадоў. Гэта быў час актыўнай грамадскай дзейнасці і мастака, і народнага паэта БССР Якуба Коласа. Яны сустракаліся на канферэнцыях, з’ездах пісьменнікаў, юбілейных вечарынах, паседжаннях прэзідыума Акадэміі навук (Якуб Колас не толькі пісьменнік і паэт, ён быў акадэмікам, заслужаным дзеячам навукі БССР), Герус рабіў замалёўкі і такім чынам з’явілася серыя алоўкавых партрэтаў. Таксама мастак шмат эскізаў выканаў і падчас адпачынку паэта на Нарачы.



Акрамя гэтых замалёвак на выставе экспануюцца мемарыяльныя рэчы з дома Якуба Коласа, сямейныя фотаздымкі, рукапісы і кнігі, сярод якіх “Новая зямля” 1934 года выдання, “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1910 год) і іншыя.

Партрэт Якуба Коласа, выкананы Абрамам Бразерам, з фондаў Віцебскага абласного краязнаўчага музея дапоўніў выставу. Пасля рэстаўрацыі гэта прем’ера амаль векавога жывапіснага партрэта класіка беларускай літаратуры.





Выстава «Незабыўны вобраз песняра» будзе працаваць да 21 снежня.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталія КРУПІЦА. Фота Алега КЛІМОВІЧА.