30 мая / «Вiцьбiчы» /. Спектаклі для дзяцей займаюць значнае месца ў афішы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Штогод коласаўцы абнаўляюць рэпертуар для юных гледачоў, паказваюць новую пастаноўку падчас навагодніх святаў, пастаянна выязджаюць са спектаклямі ў школы, дзіцячыя садкі і аздараўляльныя лагеры Віцебскай вобласці і абласнога цэнтра. Як жа радасна бачыць у зале зацікаўленыя дзіцячыя вочы, чуць гучныя несціханыя апладысменты і звонкі смех!

1 чэрвеня (нядзеля), у 12.00, у Міжнародны дзень абароны дзяцей тэатр імя Якуба Коласа пакажа для юных гледачоў рамантычную казку «Усе мышы любяць сыр» па п’есе венгерскага драматурга Дзьюлы Урбана.

Галоўныя героі казкі – два вясёлыя мышаняты Фружы і Шома. Яны маглі б сябраваць і гора не ведаць, але перад імі ўзнікае сур’ёзная перашкода: Фружы – белага колеру, а Шома — шэрага. Гэта розніца бачна ўсім, і асабліва – бацькам герояў, якія бясконца спрачаюцца адно з адным і са сваімі дзецьмі. Але да шчасця, на дапамогу мышанятам прыходзіць Ізольда, Вялікая Чараўніца-Кошка. У фінале гісторыі ўсё ўстае на свае месцы, і героі знаходзяць шчасце. Бо насамрэч колер не важны, а важна, што ўсе мышы, без выключэння, любяць сыр!

Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Вячаслаў Грушоў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка. Музыка і музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча. Пераклад п’есы на беларускую мову Пятра Ламана, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.